Czesław (czeslaw_list) wrote,
Czesław
czeslaw_list

Князі Вялікага княства Літоўскага

Да 1244-1246 гадоў Вялікае княства Літоўскае ўжо існавала як дзяржава на чале з Міндоўгам, які меў тытул вялікага князя літоўскага.

Міндоўг (1200 – 1263 (гады жыцця); каля 1240 – 1263 (гады княжання)) - заснавальнік Вялікага княства Літоўскага. Быў каранаваны ў 1253 г. Меў значныя поспехі ў барацьбе з крыжакамі: разграміў іх войска каля возера Дурбе ў 1260 годзе. Таксама меў дагавор з Аляксандрам Неўскім аб сумеснай барацьбе з імі. У 1263 годзе быў забіты ў выніку змовы плямён.

Міндоўг

Транята (1263 – 1264) – вялікі князь літоўскі, знаходзіўся на княжацкай пасадзе каля года. Быў адным са змоўцаў супраць Міндоўга. Праз некаторы час кіравання прыхільнікі Міндоўга яго забілі.

Транята

Войшалк (1223 – 1268; 1264 – 1267) – вялікі князь літоўскі, сын Міндоўга. Падчас кіравання пашырыў тэрыторыю Княства – у 1264 заваяваў Дзяволту і Нальшаны. Прыкладваў намаганні па ўмацаванню дзяржавы. У 1267 годзе перадаў уладу галіцкаму князю Шварну Данілавічу.

Войшалк

Шварн Данілавіч (1267 – 1270) – вялікі князь літоўскі, сын галіцка-валынскага князя Данілы. Быў зяцем Міндоўга (ажаніўся з яго дачкой у 1255 годзе), першага князя Літвы. У выніку яго кіравання галіцка-валынскія княствы атрымалі большы уплыў у кіраванні ВКЛ.

Шварн Данілавіч

Трайдэн (1270 – 1282) – вялікі князь літоўскі. Знакаміты сваімі ваеннымі дзеяннямі. У 1277 годзе разбіў войскі рускіх князёў і татараў каля Гародні і Слоніма. У 1278 г. перамог лівонскіх рыцараў. Менавіта Трайдэн адваяваў у крыжакоў Дынабург. У 1281 заваяваў Герцыке. Працягваў палітыку Войшалка па ўмацаванню Княства.

Трайдэн

Віцень (1293 – 1316) – вялікі князь літоўскі, пачаў сваё кіраванне з падаўлення паўстання жамойцкіх феадалаў, якія захацелі заключыць саюз з крыжакамі ў 1294 годзе. У 1298 Віцень адбівае паход крыжакоў на Жамойцію і заключае мірны дагавор з Рыгаю. Таксама князь адбівае і другі паход крыжакоў у 1305 годзе. Віцень заключыў пагадненне з Полацкім княствам аб яго ўваходжанні ў склад ВКЛ (1307 год). Па легендзе вялікі князь быў забіты маланкай.

Гедымін (1270 – 1341; 1316 – 1341) – вялікі князь літоўскі. Уключыў мінскія (1316), тураўскія (1325), а таксама віцебскія землі ў склад ВКЛ. У 1323 годзе перанёс сталіцу Княства ў Вільню. Змагаўся супраць Івана Каліты (маскоўскі князь) за ўплыў на Ноўгарад і Пскоў. Гедымін клапаціўся пра росквіт Княства. Ён запрашаў у ВКЛ на працу спецыялістаў ваеннай справы, культурных дзеячаў, архітэктараў і г.д. Заключаў мірныя пагадненні з іншымі краінамі, значна пашырыў дыпламатычныя сувязі падчас свайго княжання.

Гедымін

Яўнут (1341 – 1345) – вялікі князь літоўскі, сын Гедыміна. Атрымаў уладу ад свайго бацькі, аднак княжыў толькі чатыры гады. Кейстут і Альгерд арганізавалі змову супраць Яўнута, і яму нічога не заставалася, як пакінуць пасаду князя. У 1345 годзе Яўнут уцякае ў Маскву.

Яўнут

Альгерд (1296 – 1377; 1345 – 1377) – адзін з самых ваяўнічых вялікіх князёў літоўскіх. Час яго кіравання – перш за ўсё, ваенныя паходы і бітвы. Альгерд працягваў барацьбу з крыжакамі: у 1348 годзе перамог крыжацкае войска на р. Стрэве. У 1362 годзе разбіў татар на р. Сінія воды. Вёў барацьбу з Польшчай за Валынь і Падляшша (1349 – 1351, 1366). Яго палітыка была накіравана на пашырэнне тэрыторыі ВКЛ. Альгерд арганізаваў тры пахода на Маскву (1368, 1370, 1372), хацеў падпарадкаваць сабе Пскоў і Ноўгарад. У 1359 годзе далучыў да ВКЛ Бранск, Мазырскую, Падольскую, Чарнігава-Северскую, Валынскую і Жамойцкую землі, а таксама Смаленскае княства. Працяг   →   Великий князь Альгерд (Ольгерд)

Альгерд

Ягайла (1348 - 1434; 1377 – 1381 і 1382 – 1392) – вялікі князь літоўскі, сын Альгерда ад другога шлюбу. Атрымаў пасаду па загаду бацькі. З княжання Ягайлы і пачынаюцца літоўска-польскія адносіны. У 1385 годзе была падпісана Крэўская унія, згодна з якой Ягайла павінен быў ажаніцца з польскай каралеўнай Ядвігай. Аўтаматычна вялікі князь станавіўся польскім каралём. Пасля каранацыі ўзяў сабе імя Уладзіслаў ІІ. Паміж Ягайлам і Кейстутам (брат Альгерда) ўзнікла барацьба за пасаду князя. Ягайла, каб пазбавіцца канкурэнцыі, забівае Кейстута ў Крэўскай вежы. Вітаўт (сын Кейстута), які знаходзіўся разам з бацькам, змог вызваліцца. У 1392 годзе Ягайла і Вітаўт падпісваюць Востраўскае пагадненне, паводле якога Вітаўт уладарыў у ВКЛ, а Ягайла – у Польшчы. Падчас Кулікоўскай бітвы Ягайла быў саюзнікам залатаардынскага хана Мамая і абяцаў яму дапамагчы. Аднак на бітву Ягайла не з’явіўся.

Ягайла

Кейстут (1381 – 1382) – вялікі князь літоўскі, брат Альгерда. Княжыў толькі адзін год: Ягайла замкнуў яго ў вежы і ў 1382 годзе забіў. Кейстут ведаў аб сувязях Ягайлы з Залатой Ардой і не хацеў дапусціць яго княжання ў Вялікім княстве Літоўскім.

Кейстут

Вітаўт (1350 – 1430; 1392 – 1430) – сын Кейстута, адзін са слаўнейшых князёў ВКЛ. У 1399 годзе Вітаўт церпіць вялікі разгром у бітве з татарамі на р. Ворскле. У 1401 годзе заключае Віленска-Радамскую унію з Польшчай (паводле уніі Вітаўт прысягаў Ягайле, але заставаўся гаспадаром Княства). Пры Вітаўце пачынаецца і скончваецца Вялікая вайна паміж ВКЛ і крыжакамі. Менавіта ён вядзе войска на Грундвальдскую бітву ў 1410 годзе, і ВКЛ перамагае. У 1413 годзе заключаецца Гарадзельская унія з Польшчай (прыняцце каталіцызму ў ВКЛ, новыя прывілегіі і правы для феадалаў-католікаў, увядзенне новых пасад – ваяводаў, кашталянаў і г.д. ; у цэлым унія ставіла мэтай распаўсюджванне каталіцызму на землях Княства). Яшчэ адна заслуга Вітаўта ў тым, што ён дабіўся ад праваслаўных епіскапаў незалежнасці ад патрыярха ў выбары мітрапаліта. У 1430 годзе папа Рымскі адсылае Вітаўту карону. Але вялікі князь літоўскі не дажыў да сваёй каранацыі.

Вітаўт

Свідрыгайла (1370 – 1452; 1430 – 1432) – вялікі князь літоўскі, сын Альгерда, малодшы брат Ягайлы. Быў прыхільнікам Вітаўта, працягваў яго дзейнасць па стварэнню моцнай дзяржавы Літвы і Русі. Пасадзіў у турму Ягайлу, але сам хутка стаў ахвярай змовы Ягайлы і Жыгімонта, якія зрынулі яго з трона ў 1432 годзе.

Свідрыгайла

Жыгімонт Кейстутавіч (1432 – 1440) – вялікі князь літоўскі. Атрымаў гэту пасаду пры дапамозе феадалаў-католікаў. Жыгімонт аддаў Польшчы Валынь і Падолле. Распаўсюджваў Крэўскую унію (1385) і Гарадзельскі прывілей (1413) на праваслаўных феадалаў. У 1440 годзе быў забіты князем Чартарыйскім у выніку змовы.

Жыгімонт Кейстутавіч

Казімір (1427 – 1492; 1440 – 1492) – вялікі князь літоўскі, знаходзіўся на пасадзе больш за палову стагоддзя. У знешняй палітыцы імкнуўся захаваць межы дзяржавы. У 1447 годзе выдае прывілей, які фактычна паклаў пачатак юрыдычнага афармлення залежнасці сялян ад феадалаў. У 1468 годзе выдаў Судзебнік (пазней гэтыя дакументы атрымаюць назву Прывілей Казіміра і Судзебнік Казіміра). У 1482 годзе супраць Казіміра была арганізавана змова (прымалі ўдзел М. Алелькавіч, Ф. Бельскі, І. Галішанскі і інш.), аднак яна правалілася. Падчас кіравання Казіміра значна вырасла роля паноў-рады (дарадчы орган).

Казімір

Аляксандр (1492 – 1506) – вялікі князь літоўскі. Пашырыў уплыў феадалаў прывілеем 1492 года, згодна з якім Аляксандр абяцаў не прымаць рашэнняў без іх згоды. Яшчэ адным дакументам пашырэння правоў шляхты была Радамская канстытуцыя (1505). На княжанне Аляксандра выпала дзве вайны з Маскоўскай дзяржавай – 1492 – 1494 і 1500 – 1503 гг. Таксама пры яго ўладаранні адбылася знакамітая бітва пад Клецкам (1506), дзе пад камандаваннем Міхаіла Глінскага 5000-е войска ВКЛ разбіла 30000-е войска крымскіх татар.

Аляксандр

Жыгімонт І Стары (1467 – 1548; 1506 – 1548) – вялікі князь літоўскі, працягваў войны з Маскоўскай дзяржавай (1507 – 1508; 1512 – 1522; 1534 - 1537). У 1508 годзе падаўляе мяцеж Міхаіла Глінскага, які быў незадаволены кандыдатурай Жыгімонта на княжанні. Пры яго кіраванні адбылася знакамітая бітва пад Оршай, падчас якой Канстанцін Астрожскі перамог войска Масквы (35000 вайскоўцаў ВКЛ супраць 80000 вайскоўцаў Маскоўскай дзяржавы). У 1529 годзе падпісаў першы Статут ВКЛ.

Жыгімонт І Стары

Жыгімонт ІІ Аўгуст (1548 – 1572) – вялікі князь літоўскі, фактычна апошні князь незалежнага ВКЛ. Пры ім пачынаецца Лівонская (Інфлянцкая) вайна (1558 - 1583). У 1557 годзе прымае “Уставу на валокі”(ўсталёўвала валоку – 21,36 га) . У 1566 годзе сцвярджае другі Статут ВКЛ. У 1569 годзе па яго загаду пасольства Княства падпісвае Люблінскую унію з Польшчай, згодна з якой ВКЛ і Каралеўства Польскае ўтваралі адзіную дзяржаву – Рэч Паспалітую.

Жыгімонт ІІ Аўгуст

http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/5/51/Sigismund_II_Augustus.jpg   Прыжыццёвая гравюра-партрэт Жыгімонта Аўгуста (1554)     

      Крыніца.


Аўтар-складальнік ©Časłaŭ

Назад   →   Гiсторыя Беларусi
Tags: Беларусь, История Беларуси
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments