Я

Вільня – сталіца літвінаў/беларусаў. Як Вільня стала жамойцкім горадам?


Вільня, гравюра XVII стагоддзя




      План Вільні. 1581 г.


Вільня – сталіца нашай дзяржавы .

Летувіскія гісторыкі трымаюцца думкі, нібыта Вільню заснаваў вялікі князь Гедзімін. Гэта не болей як прыгожая легенда, якая не вытрымлівае праверкі гістарычнымі фактамі. Ужо ў XI ст. на месцы сучаснай Вільні існавала заснаванае крывічамі гарадское паселішча, што першапачаткова называлася Крывым горадам. Славянскае паходжанне меў і пазнейшы назоў – ад ракі Вільні, якая тут зліваецца з Вяллёй (Віліяй).

Крывы горад (часам яго менавалі таксама Крывіч-горадам) быў сталіцаю ўдзельнага княства Полацкай зямлі. У ім валадарылі князі полацкай дынастыі: у 1070 г. – Расціслаў Рагвалодавіч, а пазней – ягоныя сыны. У часы вялікага князя Войшалка Віленскае княства ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае. Крывы горад згадваецца ў гістарычных крыніцах яшчэ і ў XIV ст. Нямецкія хронікі паведамляюць, што гэта – «русінскае места». Назоў Вільня ўпершыню сустракаецца ў грамаце нямецкіх гарадоў Ганзейскага гандлёвага хаўрусу, датаванай 1323 г.
Віленскае насельніцтва

Пераважная частка насельніцтва Віленскага княства, як і самой старажытнай Вільні, была крывічамі. Славяне, а дакладней нашыя продкі – беларусы-ліцьвіны складалі бальшыню жыхароў Вільні на працягу некалькіх стагоддзяў. Паводле перапісу 1897 г., летувісаў сярод віленчукоў налічвалася менш за 2%.

Пра беларускі характар віленскага жыцця ў Сярэднявеччы і ў пазнейшы перыяд пераканаўча сведчыць гарадская тапанімія: вуліца Вялікая, Крывая (Лысая) гара, Зялёны мост, Траецкая, Мокрая, Вострая брама, прадмесці Зарэчча, Пагулянка, Паплавы, Папоўшчына.

Яшчэ адно яскравае сведчанне таго, што асноўным насельніцтвам тагачаснай Вільні былі праваслаўныя беларусы, – колькасць храмаў. У 1511 г. места Віленскае мела 14 праваслаўных цэркваў, у тым ліку Прачысценскую, Спасаўскую, Міхайлаўскую, Кацярынінскую, Пятніцкую, Юр’еўскую на Росах, Петрапаўлаўскую на Зарэччы… Побач з імі мірна стаялі сем касцёлаў, прыхаджанамі якіх таксама былі пераважна беларусы.

Апрача беларусаў і нязначнай колькасці жмудзінаў (летувісаў) у месце ад Альгердавых часоў жылі габраі і немцы. Гаспадар Вітаўт пасяліў тут частку крымскіх татараў, якія перайшлі да яго на службу і хутка збеларусіліся, але захавалі пры гэтым сваю рэлігію. У першай палове XV ст. вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч запрасіў сюды колькі дзясяткаў майстроў з Італіі і Польшчы. Не выклікае сумневу беларускае паходжанне абсалютнай большасці службовых асобаў, згаданых у актах Віленскага магістрата: войт Вышка, бурмістры і радцы Юрай Нястука, Васіль Фядкевіч, Гаўрыла Аліфаровіч, Мікола Сяльковіч, Рыгор Мэка..

У 1323 г. Вільня пераняла ў старажытнага Новагародка ролю сталіцы. Падпісаная ўвосень таго самага года мірная дамова Вялікага Княства Літоўскага з Інфлянцкім ордэнам і Рыгай ужо называе места Віленскае сталічным і згадвае размешчаны ў ім палац гаспадара Гедзіміна.

У Вільні знаходзілася не толькі рэзідэнцыя вялікіх князёў, але і ўсе галоўныя дзяржаўныя органы і ўстановы. Тут звычайна збіралася вялікакняская Рада, найчасцей праводзіліся паседжанні Сойму, падпісваліся важныя міжнародныя дамовы. У 1401 г. князі і паны нашай дзяржавы замацавалі тут сваімі подпісамі і 40 пячаткамі акт Віленска-Радамскай вуніі з Польшчай. Ён пацвярджаў правы князя Вітаўта на самастойнае кіраванне, а абедзве дзяржавы рабіў раўнапраўнымі ўдзельніцамі палітычнага і вайсковага альянсу. Адным з вынікаў гэтай вуніі сталася Грунвальдская перамога над Тэўтонскім ордэнам.

Пасля Гарадзельскай вуніі 1413 г. Вільня зрабілася адначасова цэнтрам Віленскага ваяводства, куды напачатку ўваходзілі вялізныя абшары ад Вількаміра і Уцянаў на поўначы да Рэчыцы і Чачэрска на поўдні. Ад 1416 г. у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта Вялікага Княства Літоўскага.

У 1495 г. пачаў Дзейнічаць Віленскі манетны двор – асноўны цэнтр грашовай эмісіі ў краіне. Аднак гісторыкі мяркуюць, што манеты ў Вільні білі яшчэ значна раней – ад канца XIV ст. На ўсіх манетах нязменна адціскаўся дзяржаўны герб – «Пагоня».
Гарадская культура

Магдэбургскае права, атрыманае Вільняй у 1387 г., прычынілася да росквіту рамёстваў і гандлю. Вялікакняскі прывілей даваў мясцовым купцам права бязмытна гандляваць на ўсім абшары дзяржавы. Два разы на год у Вільні віравалі велізарныя кірмашы, на якія з’язджаліся купцы з дзясяткаў краін і гарадоў. У месце існавалі Нямецкі і Маскоўскі гандлёвыя двары. Віленскіх майстроў больш чым ста спецыяльнасцяў аб’ядноўвалі 20 рамесніцкіх цэхаў, першы з якіх – кушнерскі – узнік у 1458 г.

У сярэдзіне XVI ст. Вільня мела больш за 20 тысяч жыхароў і колькасцю насельніцтва саступала ўва ўсёй дзяржаве толькі Полацку. 3 Вільняй звязаная дзейнасць вялікакняскай канцылярыі, працоўнай мовай якой была беларуская. Пры канцылярыі захоўваўся дзяржаўны архіў – Метрыка Вялікага Княства. 3 пашырэннем кнігадруку там па-беларуску «бітымі літарамі» выдаваўся Статут – агульнадзяржаўны збор законаў.

На пачатку XVI ст. горад уражваў замежных паслоў і падарожнікаў сваей еўрапейскай планіроўкай, велічнымі храмамі і раскошнымі палацамі Радзівілаў, Хадкевічаў, Астрожскіх, Сапегаў, Кішкаў ды іншых беларускіх арыстакратаў. Памерамі Вільня была роўная Кракаву з усімі яго перадмесцямі. Тут налічвалася больш за 100 двух- і трохпавярховых мураваных будынкаў. Разам з нашымі ў Вільні працавалі архітэктары, запрошаныя з Нямеччыны, Галандыі, Італіі. Тады ўжо дзейнічаў першы гарадскі водаправод з драўлянымі трубамі.

Вільня зрабілася адным з еўрапейскіх культурных цэнтраў. Гістарычныя дакументы паведамляюць пра высокі ровень ведаў, якія давала заснаваная ў другой палове XIV ст. школа для дзяцей месцічаў. Апрача дзяржаўнай беларускай там выкладаліся лацінская, грэцкая, нямецкая і габрайская мовы. Больш за сто выпускнікоў школы паступілі ў Кракаўскі ўніверсітэт. У 1579 г. была заснаваная свая вышэйшая школа – Віленская акадэмія, якая мела ўніверсітэцкі статус.

На пачатку XVI ст. беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар Францішак Скарына выдаў у Вільні першыя ў Вялікім Княстве друкаваныя кнігі. Ягоную справу працягвалі тут Пётра Мсціславец, Кузьма, Лукаш і Лявон Мамонічы.

Сталіцу нашай дзяржавы ў розныя часы наведвалі і знаходзілі тут гасцінны прытулак шмат якія выдатныя дзеячы еўрапейскай культуры. У 1413 г. вялікі князь Вітаўт з пашанаю прымаў у Вільні паплечніка Яна Гуса магістра Гераніма Пражскага, які цэлы год свабодна прапаведваў у нашай краіне гуманістычныя ідэі гусітаў. Пры вялікакняскім замку пад апекаю гаспадара Аляксандра жылі астраном Войцех з Брудзева і публіцыст Эразм Вітэлій.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ:

Сярэдзіна XI ст.     Утварэнне Віленскага княства.
1070 г.     У Вільні ўладарыць полацкі князь Расціслаў Рагвалодавіч.
1264 г.     Віленскае княства ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае.
1323 г.     Вялікі князь Гедзімін перавёў у Вільню сталіцу дзяржавы.
1387 г.     Вільня атрымала прывілей на магдэбургскае права.
1413 г.     Утварэнне Віленскага ваяводства.
1495 г.     Заснаванне Віленскага манетнага двара.

У. Арлоў: “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 12.02.2018   →   Крыніца .

____________________________________

Даведка:

Автохоны Віленшчыны.

Па дадзеных «Статыстычнай табліцы Заходне-Рускага краю па вераспавяданьням» ( «Складзена пры Міністэрстве ўнутраных спраў,. С.-Пецярбург, 1864 г.»), насельніцтва Віленшчыны складалі :

- беларусаў 418,289 чалавек;
- рускіх 21,486;
- літоўцаў 210,273;
- палякаў і мазур 154,386.


Як Вільня стала жамойцкім горадам?

У міжваенным перыядзе (1921 — 1939 гады) Вільня была палітычным і культурным цэнтрам Заходняй Беларусі, яе неафіцыйнай сталіцай. Тут знаходзіліся сядзібы ўсіх беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый, працавалі беларуская гімназія, беларускі музей, шэраг навуковых і культурна-асветных установаў, рэдакцый газет і часопісаў. Праўда, становішча ўвесь час змянялася да горшага, і напярэдадні другой сусветнай вайны колькасць іх у выніку шавіністычнае палітыкі польскіх уладаў значна зменшылася.

Пасля прыяднання Заходняй Беларусі да БССР беларускае грамадзянства Вільні было перакананае, што горад будзе нарэшце ў складзе беларускае рэспублікі. Афіцыйныя савецкія ўлады нават наладзілі ўрачыстасць з нагоды далучэння Вільні “на векі вякоў”. Пачала выходзіць, як у іншых абласных цэнтрах, газета “Веденская праўда” на беларускай мове. Але сталася іначай.

У снежні 1939 года Сталін перадаў Вільню з Віленскім краем (гэта быў абшар з насельніцтвам 457 тысяч чалавек) Летуве. Нарком замежных спраў СССР Молатаў адзначыў тады: “Мы ведаем, што бальшыня насельніцтва гэтага абшару не летувіская. Але гістарычнае мінулае ды імкненні летувіскага народа цесна звязаныя з горадам Вільня, і ўрад СССР уважаў за неабходнае шанаваць гэтыя маральныя фактары”. Зразумела, што такое “дабрадзейства” мусіла быць аплачанае. Напачатку Масква атрымала права на размяшчэнне ў Летуве вайсковых базаў, а неўзабаве, як вядома, і ўвогуле “праглынула” яе.

Жамойцкае насельніцтва горада стала імкліва ўзрастаць за кошт перасяленцаў з этнічных жамойцкіх земляў. Адбывалася гэта і дзякуючы прытоку рабочых рук у прамысловасць, і ў выніку наплыву масы чынавенства, паліцыі, войска. Становішча беларусаў тут сталася яшчэ горшае, чым пры паляках. Летувіская прапаганда сцвярджала, што яны не беларусы, а “страчаныя летувісы”, што ім трэба толькі змяніць прозвішча, дадаўшы “-ас”, “-іс” або “-ус”, ды навучыцца жамойцкай мове. Беспрацоўе сярод беларусаў павялічылася, яны дыскрымінаваліся пры ўладкаванні на дзяржаўную службу. Тыя ж з іх, хто нарадзіўся па-за Віленшчынай, увогуле не маглі атрымаць летувіскае грамадзянства.

У часе вайны ініцыятарамі карных захадаў з боку немцаў супраць нацыянальна свядомых беларусаў нярэдка былі польскія шавіністы. Гэта разам з перадваеннымі сталінскімі рэпрэсіямі спрычынілася да катастрафічнага змяншэння колькасці беларускай інтэлігенцыі ў Вільні. I тым не менш у вайну тут яшчэ працавалі беларуская гімназія, настаўніцкая семінарыя, пачатковыя школы, выдавалася газета.

Паводле “Каляндарных нататак” Адама Станкевіча, пры канцы вайны летувісы панічна баяліся беларусаў, справядліва мяркуючы, што іхны актыўны калабарацыянізм, з аднаго боку, і шырокі супраціў беларусаў фашысцкай акупацыі і іх каласальныя ахвяры — з другога, могуць даць падставу для паваеннага перагляду лёсу Вільні. Але Сталін не палічыў патрэбным вяртацца да гэтага пытання.

Канчатковае знішчэнне беларускага культурнага асяродку ў Вільні адбылося адразу пасля вайны. Летувіскі ўрад у асобе міністра асветы Ю.Жугжды не дазволіў адчыніць тут ніводнай беларускай школы, чаго дамагаліся А.Станкевіч ды іншыя беларускія дзеячы. Былі ліквідаваныя беларуская гімназія, славуты музей імя І.Луцкевіча. Усё гэта адбывалася адначасна з новай хваляй рэпрэсій супраць нашай інтэлігенцыі.

Па ўзгадненні з Масквой і Варшавай замест беларускіх школаў пачалі насаджацца польскія і расейскія, было наладжанае выданне газеты “Чырвоны штандар” на польскай мове. Як і раней, польскія ксяндзы стараліся ўбіць у галовы беларусам-каталікам, што ўзапраўды яны палякі. У гэтым былі зацікаўленыя і летувіскія ўлады. Яны, відаць, не бачылі іншага шляху дэнацыяналізацыі беларусаў Віленшчыны, бо разумелі, што перавярнуць іх на жамойтаў досыць праблематычна.

Тым не менш; маючы на мэце змяніць дэмаграфічную сітуацыю на сваю карысць, яны адначасна імкнуліся накінуць на беларусаў хоць бы сваю вонкавую абалонку: дзе толькі магчыма запісвалі іх жамойтамі, перакручвалі імёны і прозвішчы на свой капыл (Міцкявічус замест Міцкевіч, Васіляўскас замест Васілеўскі, Астраўскайтэ замест Астроўская, Жвірбліс замест Верабей і т.д.).

Праводзілася татальная летувізацыя тапанімікі Вільні і Віленскага краю (Меднікі сталі Мядзінінкай, Свянцяны — Швянчоніс, Салечнікі — Шальчынінкш, Вострая Брама — Аўшрас і т.д.). У выніку тут не засталося амаль ніводнай беларускай назвы.

Такім чынам Вільня набыла нязвыклае для сябе аблічча, упершыню за сваю шматсотгадовую гісторыю, стаўшы жамойцкім горадам.


Эдвард ЗАЙКОЎСКІ: "Як Вільня стала жамойцкім горадам?", 23.08.2016    →   Крыніца .



   →   Беларуская Вільня.




                           


Па тэме:

История падения ВКЛ в государственных актах времён Российской империи
Літвіны-беларусы найстаражытны народ на Еўрапейскім кантыненце (By, Ru)
Беларусь: паглыбленне ў бездань
Заўвага пра назву краіны – Беларусь, Літва, Вялікалітва
Вільно - Гісторыя аднаго горада
Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою?
Мифическая концепция истории ВКЛ, созданная в Летуве
Беларусь як акупаванае грамадства
Как Беларусь потеряла Вильню
Как менялись границы Беларуси в XX веке
Куда исчезли литвины-беларусы?
Разделы Речи Посполитой между Россией, Пруссией и Австрией
Беларусь пасля ўваходжання ў склад Расейскай імперыі


Аўтар-укладальнік ©Časłaŭ List

Назад   →   Гiсторыя Беларусi