Czesław (czeslaw_list) wrote,
Czesław
czeslaw_list

Беларускія прозвішчы на трыста гадоў старэйшыя за расейскія


  →   Беларускія прозвішчы - стэрэатыпы і рэальнасць

             http://img1.liveinternet.ru/images/attach/c/4/82/182/82182707_91f.gif   
Той, каму давялося расці на вёсцы, памятае: вясковыя роды называлі па мянушках. Калі ў вёсцы дванаццаць сем’яў Герасімчыкаў, мянушкі — найпрасцейшы сродак указаць на патрэбнага чалавека. Яны даваліся найчасцей ад імені дзеда або прадзеда. Адны Герасімчыкі маглі быць Казімірчыкамі, другія — Апанасавымі, а трэція — Адамавымі...

З такіх родавых мянушак 500 гадоў таму фармаваліся прозвішчы. Як? Гэтым займаліся бюракраты.

Шляхта прагнула прозвішчаў

Першымі ў канцы XV ст. прозвішчы займелі баяры-шляхта, піша гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. Спачатку яны не былі сталымі. Сыны баярына Грынькі рабіліся Грынковічамі, але дзеці ягонага сына Багдана ўжо былі Багданавымі Грынковічамі. Яшчэ праз пакаленне пра Грыньку маглі і забыцца, ператварыўшыся ў Багдановічаў...

Але Багдановічам цяжка было пацвердзіць свае правы на сяло, якое вялікі князь даў іх дзядам-Грынковічам. Таму чым больш дзяржаўная канцылярыя стварала папер-прывілеяў, тым важней для шляхціца было зафіксаваць сваё прозвішча раз і назаўжды.

Сінонім залежнасці

Сяляне ж яшчэ ў пачатку XVI ст. прозвішчаў не мелі. Каму справа да селяніна, які жыў на хутары, мог вольна перамяшчацца па краі і быў эканамічна незалежным? Прозвішчы сялянам пачалі даваць кантрольныя органы ВКЛ. Адбывалася гэта ў сярэдзіне XVI ст., падчас Валочнай памеры 1557 г. — гіганцкай аграрнай рэформы. Сялян «прымацоўвалі» да зямлі, высялялі ў вялікія вёскі і перапісвалі, дадаючы да імені імя па бацьку або мянушку, якія цяпер раз і назаўжды рабіліся прозвішчамі.

Лук’яновічы і Бабровічы

Тыя з іх, што паходзяць ад імя продка, называюць патранімічнымі. Большасць іх у беларусаў маюць суфікс -іч. Вось колькі іх у адным Попісе Гродзенскай каралеўскай эканоміі XVI ст.: Лук’яновіч, Івановіч, Ляўковіч, Амельяновіч, Хоміч, Навумовіч, Жуковіч, Васілевіч, Паласковіч, Міцкевіч, Козіч, Ячкевіч, Дашкевіч, Грынкевіч, Ламановіч, Зімаковіч, Бабровіч...

«Прозвішчы на -іч — адзнака славянскага паходжання, — кажа доктар філалагічных навук Валянціна Лемцюгова. — Яны характэрныя не толькі для беларусаў, але і для заходніх і паўднёвых славян. У беларусаў суфікс -іч не меў саслоўных абмежаванняў, а ў Расіі прозвішчы на -іч атрымлівалі толькі прадстаўнікі вышэйшых колаў грамадства з царскага дазволу».

Таксама да групы патранімічных прозвішчаў, найбольшай і найстаражытнейшай, адносяцца тыя, што сканчаюцца на -ук (-юк), -эня (-еня), -энка (глядзі мапу).

Юркойці і Даўгялы

У беларускіх прозвішчах адбілася тысячагадовае суісна­ванне славянаў з балтамі: часта славянскі корань спалучаўся з балцкім суфіксам — як у прозвішчы Даўгяла (корань «доўгі») ці Юркойць (ад Юркі). А вось Гедройць — цалкам балцкае найменне, якое пазначае таго, хто нечым праславіўся.

Берманы і Дзерманы

Уплывы маглі быць не толькі балцкія. Сярод экзатычных — нямецкія. Часцяком нямецкі пан-каланіст запісваў усіх сваіх сялянаў уласным прозвішчам, каб абазначыць гэтым права на ўладанне імі. Так з’явіліся Берманы, Дзерманы. Магчыма, так перараджаліся і некаторыя старыя балцкія прозвішчы (Шэйман).

Нелюбы і Пазнякі

Многія прозвішчы паходзілі ад мянушак і дахрысціянскіх імёнаў.

Людзей тады называлі проста. Нарадзіўся апошнім у сям'і — будзеш Пазняк.

Бывалі імёны татэмныя — ад звера ці дрэва, якому племя пакланялася (так, у летапісах трапляюцца Воўк, Воўчы Хвост), былі імёны ахоўныя, пакліканыя «падмануць» злыя сілы — Нелюб (каб любілі), Дыхля (каб здаровы быў).

Царква, выціскаючы паганства, змушала замяняць старыя імёны на хрысціянскія (у летапісах сустракаем прыклад літоўскіх князёў — Вітаўт рабіўся Аляксандрам, Ягайла — Уладзіславам).

Скарыны і Гоўшы

Дый Скарына — не ад скарынкі, кажа прафесар Лемцюгова, а ад Скарына — скарочанага старажытнага імя, тыпу Скараслаў, Скарагост, Скаравой, Скарамір. Частка прозвішчаў — такія добра забытыя імёны, накшталт Гоўша, Дымша.

Пераходзілі ў прозвішчы і скарочаныя формы: Мечык, Віліч, Стасік... Нават такое, здавалася б, відавочнае прозвішча Трус — скарочанае ад Пятро, Пятрусь. Місюта, аказваецца, — размоўны варыянт царкоўнага імя Міхаіл. Масу варыянтаў мае Аляксандр. Самыя экзатычныя з іх — Шаша, Шоша.

Але Валянціна Лемцюгова перасцерагае: даследаванне гісторыі кожнага прозвішча вымагае індывідуальнага падыходу, міні-даследавання. Верыць у сямейныя легенды і тлумачэнні, якія, здавалася б, ляжаць на паверхні — небяспечна.

Тут як з назвамі населеных пунктаў: Шапчыцы — не ад шапкі, знойдзенай там, а ад нашчадкаў чалавека з такой мянушкай. Пількаўшчына — не ад пілаў, якія ламаліся, а ад імя ўласніка зямлі, якога звалі Пілька, Піліп.

Кухты і Стэльмахі

Наступная пасля патранімічных па колькасці група прозвішчаў з Попісу Гродзенскай каралеўскай эканоміі — ад асаблівасцяў выгляду: Коўш, Чарэпка, Казелак... Безумоўна, не трэба абмінаць і прозвішчы, звязаныя з заняткам чалавека. У XVI ст. іх працэнт быў невялікі, але з часам Стэльмахі (у «Слоўніку паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» Стэльмах — той, хто робіць калёсы, калёснік), Рымарчукі (рабілі вупраж), Бондары (выраблялі цэбры), Мясніковічы (былі рубшчыкамі мяса) з’яўляюцца ўсё часцей і часцей, адзначае А.Вашкевіч.

Тое самае паходжанне ў прозвішча Кухто, лічыць Валянціна Лемцюгова. Кухта — гэта памочнік кухара. А націск на -о ў такіх прозвішчах з’явіўся ад пазнейшага, часоў Расійскай імперыі, імкнення надаць ім «благозвучность». Тады з’явіліся Лапато, Капусто, Лапо, Дынько і ім падобныя.

Цікавая гісторыя прозвішча Цароў. Адкуль у Беларусі «цар»? Аказваецца, на Магілёўшчыне так называлі старшага валачобніка, які меў упрыгожаную бліскучую шапку.

Рабіновічы з’явіліся апошнімі

Найпазней жа ў Беларусі, адзначае А.Вашкевіч, прозвішчы з’явіліся ў габрэяў-гараджан. Улады Рэчы Паспалітай не ўмешваліся ў жыццё габрэйскай грамады, адносіны з ёю абмяжоўваліся атрыманнем падаткаў, якія збіраў сам кагал. Напрыклад, з дванаццаці габрэяў, якія мелі пляцы ў 1704 г. у мястэчку Сапоцкін, прозвішчы мелі толькі шасцёра. Прычым прозвішчы яўна паходзілі ад мянушак, звязаных з выглядам, — Іцка Вясло або Азік Чарток. А калі царская адміністрацыя пачала браць габрэяў у рэкруты, забіраць дзяцей у кантаністы, пачалося прымусовае наданне беларускім габрэям прозвішчаў, прычым часта па той самай схеме, што і ў беларускіх сялян за трыста гадоў да таго. Так з’явіліся Абрамовічы, Іцкавічы, Абковічы або Зельманавічы. А Рыўкіны, Соркіны, Рохліны — па імёнах жанчын, маці. У беларусаў такое здаралася радзей, а вось ва ўкраінцаў — даволі часта: Андрусішын, Васілішын, Стэфанішын, Байчышын (ад Андрусіха, Васіліха, Стэфаніха, Бойчыха, г.зн. жонка, удава Андруся, Васіля...).

Рэха прыгону ці поступ прагрэсу?

Нашыя прозвішчы — вынік індывідуальнага прыгону, які запанаваў на землях ВКЛ з часоў Валочнай памеры, — лічыць Андрэй Вашкевіч. — Там, дзе не было індывідуальнай залежнасці ад пана, не было патрэбы ў прозвішчах. Яскравы прыклад — балгары, у якіх толькі ў сярэдзіне ХХ ст. замацаваліся прозвішчы. У захопленай асманамі Балгарыі селянін быў вольны, арандаваў зямлю ў дзяржавы і плаціў падатак — харадж. Патрэбы замацоўваць прозвішчы не было, і яго функцыі выконвала імя па бацьку. Іван Кольеў быў сынам Кольі, а ўжо сын Івана быў не Кольевым, а Іванавым. Да сёння ў Еўропе захавалася краіна з сістэмай прозвішчаў, утвораных ад імя бацькі, — Ісландыя, дзе ад часоў засялення вікінгамі панавала дэмакратыя.

Але як у такім выпадку быць з Расіяй, дзе, сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы, сялянскія прозвішчы замацаваліся толькі ў ХІХ ст., а прыгон быў яшчэ больш жорсткі, чым у ВКЛ?

Беларускія прозвішчы на трыста гадоў старэйшыя за расійскія

У Масковіі прозвiшча да XVI ст. было прывiлеем князёў і баяраў. А прозвішча на -іч давалася толькі з дазволу вялікага князя. У «Тысяцкай кнізе» 1550 на тысячу чалавек такія прозвішчы мелі толькі 28. Рэшта прозвішчаў — на -оў або на —ін. У Беларусі такога не было. У XVI—XVII стагоддзях прозвiшчы пачалi з’яўляцца ў асяроддзi дваран. У XVII—XVIII стст. — у гараджан, у к.XVIII — п.XIX стст. — духавенства. Сяляне не мелi прозвiшчаў да сярэдзiны ХIХ ст.

Нашыя прозвішчы — каштоўны скарб. Ім як мінімум 450 гадоў. А гэта значыць, што насілі іх да нас дзясяткі і нават сотні тысяч людзей, і трэба быць вартымі іх памяці.

Падрыхтаваў Сяргей Мікулевіч.   27.04.2013

 

Па тэме:

Літвіны-беларусы найстаражытны народ на Еўрапейскім кантыненце (By, Ru)
Мапы Вялікага Княства Літоўскага - Рэчы Паспалітай - Беларусі (By, Ru)
Гістарычная Літва і Літвіны
Гісторыя мовы літвінаў, - сёньняшніх беларусаў. Як называлася мова нашых продкаў у ВКЛ?
Имена древних беларусов
Бітва паміж злучаным войскам Польшчы і ВКЛ, і войскам Тэўтонскага ордэна 15 ліпеня 1410 года

Беларусь: паглыбленне ў бездань
Беларусы і суседзі: Хто каго баіцца?
Панрусизм и западнорусизм - это идеология людей с ордынским менталитетом
Усялякая беларускасць гэта чужое, фальш, не натхняе і не мае будучыні
Возрождение народа возможно только на историческом фундаменте!
Список войн которые вели Московия, Российская империя, РСФСР, СССР, РФ
Нікалі мы не будзем братамі


Аўтар-складальнік ©Časłaŭ List

Назад   →   Гiсторыя Беларусi   Беларуская мовa
Tags: Беларуская мова, История Беларуси
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 4 comments