Czesław (czeslaw_list) wrote,
Czesław
czeslaw_list

"Літоўскі народ" 14 стагоддзя з моўнага, культурнага і рэлігійнага гледзішча

Літва-Беларусь_2000
       →   Mapy Vialikaha Kniastva Litoŭskaha - Biełarusi .

У спачатнай гісторыі Вялікага княства Літоўскага дагэтуль маюцца вялізныя прагалы, якія сучасная "балцкая канцэпцыя" паўстання гэтага гаспадарства няздольна развязаць.

1. Перадмова

У спачатнай гісторыі Вялікага княства Літоўскага дагэтуль маюцца вялізныя прагалы, якія сучасная "балцкая канцэпцыя" паўстання гэтага гаспадарства няздольна развязаць. Тая блытаніна, якая існуе сядні, паказуе, што "балцкая канцэпцыя" ад сама пачатку (наўмысна ці не) пайшла па ведаме мыльным шляху, і гэты сучасны стан даследванняў вымагае не проста нейкіх ўдакладненняў, але грунтоўнага спраўджвання асноўных паняткаў. Не будзем тут пераказваць істасць вядомае праблемы – ролі старажытных беларусаў у паўстанні і палітычным жыцці ранняга (13–14 ст.) Вялікага княства Літоўскага і дачынення назову тытульнага народу ВКЛ – "літвіны" – да беларусаў.

Гэтая праблема ўсім вядома. Скажам, што ў асяродку гэтае праблемы, відавочна, палягае "балта-славянская" супярэчнасць. З аднаго боку, немагчыма адмаўляць, што ВКЛ стварылася, у тым ліку, і на балцкай этнічнай тэрыторыі, што вялікія князі літоўскія – Міндоўг, Войшалк, Тройдзень і г.д. – як і многія летапісныя літвіны, былі, безумоўна, носьбітамі балцкіх імёнаў і балцкае этнічнасці. З іншага боку, немагчыма адмаўляць, што ВКЛ стварылася і існавала пераважна на славянскіх землях, што беларусы былі яго дзейнымі стваральнікамі і кіраўнікамі, і наастатку (сама галоўнае), што і беларусы таксама выступалі пад назовам тытульнага народу "літвіноў".

Асабліва ясным ёсць становішча ў пазнейшыя часы, калі маем багата сведчанняў гістарычных крыніц – у 15–16 стагоддзях – калі чыста ўвесь беларускі народ называўся літвінамі (у тым ліку і праваслаўныя, якія былі вядомы як "літвіны рускай веры" і г.д.). Гэта не здольны адмаўляць нават сучасныя навукоўцы, варожыя да ідэі "літвінства". Прыкладам, А. Латышонак, у сваёй кнізе, прысвечанай абгрунтаванню старажытнасці назову "беларусы", так і не даў рады знайсці "беларусаў" на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў 16 ст., затое прызнаў, што чыста ўсё жыхарства ўласна ВКЛ (т.б. без Жамойці і ўкраінскіх земляў), у тым ліку і жыхарства ўсходніх зямель, вызначала сябе як "літвіны" ва ўсіх паставах крыніц, і гэты назоў быў адзіным саманазовам гэтага жыхарства [1]. А. Латышонак нават прызнаецца да таго факту, што, прыкладам, усе без вынятку студэнты Кракаўскага ўніверсытэту, вышлыя з беларускіх зямель, (у тым ліку праваслаўныя) на працягу 15 ст. запісваліся ва ўніверсытэце "літвінамі", у той час як у выпадку навучання жамойтаў у Кракаўскім універсытэце, яны не запісваліся "літвінамі" [2].

Калі мы пераходзім да ранняга перыяду ВКЛ – 13–14 стагоддзяў – то тут мы маем нашмат меней сведчанняў крыніц, што не дазваляе адразу напоўніцу аднавіць гістарычную карціну. Гэты перыяд у сучаснай гістарыяграфіі зачыняецца "балцкай канцэпцыяй", з яе цверджаннем, што літвіны 13–14 стагоддзяў – гэта этнічныя балцкія язычнікі, а ВКЛ – гэта язычніцкае гаспадарства. Заразом "язычніцтва" літвіноў гэтага перыяду ёсць даводам проці далучанасці старажытных беларусаў (славянаў-хрысціянаў) да тытульнага народу гаспадарства. Але першае, што можна сказаць датычна гэтай "балцкай канцэпцыі", гэта тое, што яна не пацвярджаецца, а адводзіцца гістарычнымі крыніцамі (далей у артыкуле мы ўбачым багата сведчанняў крыніц аб тым, што ўжо ў 13–14 стагоддзях пад назовам "літвіноў" выступалі носьбіты славянскіх імёнаў, славянскае мовы, хрысціянскае культуры і г.д.). Цікаўнасць гэтага пункту ў тым, што сучасным гісторыкам цудоўнавядома, што гэтая канцэпцыя не пацвярджаецца, а пярэчыць гістарычным крыніцам: але, балансуючы на роўні этнічнасці (між "славянамі" і "балтамі") яны няўхільна вымушаны абіраць адно з процілеглых меркаванняў, і, як балцкім фактарам (хаця б дзеля імёнаў вялікіх князёў) ахвяраваць не можна – то гвалтоўна ахвяруецца, маецца ўлегцы і ігнаруецца чыста ўвесь "славянскі" матэрыял што да літвіноў 13–14 стагоддзяў. Між тым, далей мы пакажам, што калі выйсці за межы этнацэнтрычнага гледзішча, разглядаць тэрмін "літвіны" не як этнічны, а як надэтнічны назоў – то можна ўспрыняць усю літоўскую спадчыну 13–14 стагоддзяў цалкам, без гвалтоўных аброкаў.

Па-другое гэтая "балцкая канцэпцыя" ніколі не была даведзена, і вынікі з яе не даюць аніякага поўнага і нестаронняга разумення развою ВКЛ у 13–14 стагоддзях. Доктар гістарычных навук А. Краўцэвіч у сваім найноўшым у беларускай гістарыяграфіі даследванні па стварэнні ВКЛ у высновах напісаў: "Абвяржэнне галоўнага пастулата (маецца на ўвазе пастулат аб "літоўскай заваёве" беларускіх зямель у сярэдзіне 13 ст. – А. Д.) змушае да перагляду ўсёй канцэпцыі генезісу ВКЛ і прывядзення яе ў адпаведнасць сучаснаму ўзроўню гістарычных ведаў. Даказанне тэзы аб мірным характары балта-славянскіх адносін дазволіла вытлумачыць існаванне шэрагу гістарычных фактаў, якія былі даўно вядомы гісторыкам, аднак ігнараваліся як не адпаведныя балцкай канцэпцыі генезісу ВКЛ. Напрыклад, стала ясна, чаму гістарычнае ядро ВКЛ (харонім "Літва") складалася як з этнічна балцкіх, так і ўсходнеславянскіх (пераважна) зямель. Стала зразумелым, чаму ніводная пісьмовая крыніца не зафіксавала ніводнага выпадку не толькі ваеннага супрацьстаяння, але любога іншага канфлікту паміж балцкімі і славянскімі насельнікамі Панямоння. (...) Урэшце даводзіцца прызнаць, што супярэчнасці між балцкай канцэпцыяй генезісу ВКЛ і шэрагам важных гістарычных фактаў, непасрэдна звязаных з працэсам дзяржаваўтварэння, у межах названай канцэпцыі развязаць немагчыма. Таму адмова ад гэтай канцэпцыі ўяўляецца непазбежнай" [3].

Сапраўды, адмова ад "балцкай канцэпцыі" ўяўляецца непазбежнай. Поўнае даследванне ўсяго комплексу гістарычных крыніц дае магчымасці для рэканструкцый накшага роду.

2. "Літвіны" (13–14 ст.) як надэтнічны назоў

Калі паглядзець на гістарычныя звесткі пра Літву 13–14 ст., то мы ўбачым, што Літва гэтага, як і пазнейшага, часу не была вылучна балцкай краінай, як з тэрытарыяльнага так і з этнічнага гледзішча (далей мы падрабязна спынімся на сведчаннях крыніц датычна тэрыторыі, жыхарства, мовы, рэлігіі і культуры Літвы гэтага часу). Лагічным будзе дапушчэнне аб не этнічным, а надэтнічным характару назову "літвіны" ў 13–14 ст. (да сама часоў Крэўскае вуніі 1385 г.). Надэтнічныя назовы бываюць некалькіх родаў: палітонімы, харонімы, нарэшце канфесыёнімы. Дзіўна, што аналізуючы палітычныя працэсы ў ВКЛ даследнікі шматкроць абыходзілі стараной імавернасць рэлігійнага, канфесыйнага характару назову "літвіны". Гісторыкі почасту процістаўляюць адно адному назовы "русіны" і "літвіны" ў ВКЛ (як у "паганскім" перыядзе (13–14 ст.), так і пазней), слушна заўважаюць, што літвіны гэта не русіны, але з гэтага робяць дзіўную выснову, што "літвіны – гэта этнічныя балты". Але калі мы ведаем, што назоў "русіны" ў сярэднявеччы меў перадусім рэлігійны, канфесыйны сэнс ("русіны" – гэта праваслаўныя вернікі Кіеўскае мітраполіі) – з чым почасту вымушаны пагаджацца нават гісторыкі, якія лічаць па-іншаму – то чаму не дапусціць, што і назоў "літвіны" мог быць канфесіёнімам?

Найпершае, з чым спатыкаецца даследнік, вывучаючы гісторыю Літвы 13–14 стагоддзяў – гэта тэрміналогія ці эпітэты датычна літвіноў у варожых ім крыжацкіх ці маскоўскіх крыніцах. Тэрміналогія гэтая наўсцяж рэлігійнага характару: "няверныя, вераадступныя, няверныя Хрысту, ворагі хрысціянства, бязбожныя, праклятыя, нехрышчоныя" літвіны і г.д. Сярод гэтых тэрмінаў выяўным ёсць тэрмін "вераадступныя" (perfidos) – гэта, безумоўна, азначэнне не "язычнікаў" (нехрысціянаў), а хрысціянаў накшае галіны.

На гэта могуць запярэчыць, што літвіноў наўсцяж мянуюць "паганцамі" (paganis), і што ВКЛ разгляданага перыяду паўстае ў крыжацкіх і маскоўскіх нарысах як язычніцкае (т.б. нехрысціянскае) гаспадарства. Але на гэта можна, па-першае, сказаць, што мянушка "паганцы" (paganis) была не столькі дакладным азначэннем язычнікаў, колькі абразлівай мянушкай, што досыць почасту ўжывалася ў часы вострага процістаяння ўсходнехрысціянскага і заходнехрысціянскага светаў у 13–14 ст., дый ужывалася яна далёка не заўсёды да паганцаў: гэтак, вядомы прыклады калі крыжакі менавалі "паганцамі" русінаў з Вялікага Ноўгараду ці Пскову [4] або нават грэкаў [5]. Русіны таксама не завініліся: вядома, прыкладам, як пскоўскія летапісы лаялі апошнімі словамі "поганую латину". Па-другое, трэба сказаць, што тэрмін "паганцы" (paganis) ужываецца да літвіноў рэдчас, галоўнымі ж мянушкамі да іх у варожых крыніцах ёсць "няверныя", "ворагі хрысціянства" ды той жа выяўны тэрмін "вераадступныя". Прыкладам, калі ўзяць сама вядомыя выпадкі дачыненняў літоўскіх гаспадароў з рымскаю курыяй: папскія булы датычна навяртання вялікага князя Міндоўга на каталіцтва з 1251–1255 гг. анідзе не мянуюць яго былую веру "паганствам", а выпісуюць яе ў цьмяных азначэннях як "аблуды", "цемра нявер'я" ды адно наастатку прызнаюцца да азначэння "вераадступніцтва" [6] – што яўна паказуе не на "язычніцтва", а на адмену хрысціянства, якую курыя лічыла ерэтычнай. У комплексе ліставання курыі з вялікім князем Гедымінам з 1322–1324 гг. анідзе няма азначэння літвіноў як "язычнікаў" (paganis), а ёсць толькі азначэнні "няверныя", а самому Гедыміну закідаюць нейкія "аблуды схізматыкаў" [7].

Ці магло азначэнне "літвіны" быць канфесыёнімам? Высокае і Позняе Сярэднявечча было багатым на разнастайныя адмены рэлігійнага жыцця, дый гэты час быў нашмат болей вольным у рэлігійным плане, ніж лічыцца цяпер. Яшчэ да Рэфармацыі 16 стагоддзя (якая ўвязала ў многіх краёх Еўропы евангелісцкую царкву, што аддзіралася ад жыдоўскае абраднасці да стварала чыста хрысціянскую царкву, заснаваную вылучна на Новым Запавеце) такія ж евангелісцкія плыні, якія можна назваць папярэднікамі лютэранцтва ды кальвінізму, існавалі наўсцяж па ўсёй Еўропе. Гэта вальдэнсы, усходнееўрапейскія богумілы (што адмаўлялі Стары Запавет і вызнавалі адно Новы), катары (заходнееўрапейскія богумілы), лоларды і г.д.

Можна адзначыць цікавую рысу: у выпадку з гэтымі прота-пратэстанцкімі рухамі (якія пераважна былі богумільскага характару) этнонімы народаў, якія вызнавалі гэтыя навукі, почасту гралі ролю канфесыёнімаў. Прыкладам, у сярэднявеччы назоў "баўгары" па ўсёй Еўропе, ад Францыі да Русі, быў не адно назовам народу, але і азначэннем баўгарскіх богумілаў, канфесыёнімам. Яшчэ ў 15 ст., калі богумільства на Русі згасала, царкоўны пісар адзначаў, што астачы яго існуюць пад уплывам кніг "проклятых болгар" – відавочна, што "баўгары" тут было не этнонімам, а канфесыёнімам. Можна прыраўнаць гэты прыклад да проказі навагародскага біскупа Генадзя ў яго пасланні мітрапаліту з 1490 г. аб тым, што евангелісцкія рухі ў Ноўгарадзе і Пскове канца 14 – 15 ст. (стрыгольнікі і інш.) – гэта "дела литовские окаянные" [8]. Відавочна, што пад "літоўскім" меўся наўвеце не этнічны ўплыў, а рэлігійны. Іншы прыклад: Боснія, у якой богумільства ад канца 12 ст. да сярэдзіны 15 ст. было афіцыйнай рэлігіяй. Тут існавала собская богумільская "црква басанска", якая была вядома далёка за межамі краю і дасылала казаннікаў у Вугоршчыну і Францыю. Можна прыраўнаць гэтую нацыянальную царкву да Літоўскай мітраполіі ВКЛ 14 стагоддзя – якая яўна была створана і існавала не дзеля "балцкага этнічнага народу язычнікаў", а, відавочна, дзеля хрысціянаў-літвіноў ВКЛ. Наастатку, сярод гістарычных сведчанняў трапляюцца наўпростыя сведчанні аб рэлігійным сэнсе назову "літвіны" ў азначаны час – такія, як сведчанні аб "літоўскай веры", або азначэнне "хрысціяне-літвіны" – на якіх мы спынімся пазней.

Далей мы падамо разнастайныя сведчанні гістарычных крыніц (у пяці раздзелах: тэрыторыя, жыхарства, мова, рэлігія, культура), якія даюць уяўленне аб "літоўскім народзе" 14 стагоддзя ды дазваляюць разважаць, што народ гэты станавіў сабою не народ "балцкіх этнічных язычнікаў", а апрычоную хрысціянскую канфесыю ВКЛ, якая ў 14 стагоддзі існавала ў межах Літоўскае мітраполіі. На прыточанай да артыкула мапе паказаны некаторыя геаграфічныя звесткі.

Вялікае княства Літоўскае ў 14 стагоддзі   →   мапа ў фармаце pdf даступная тут.

Далей па тэме:

3. Сведчанні крыніц

а) тэрыторыя ("Літва")

б) жыхарства

в) мова

г) рэлігійнасць

д) культура

4. Высновы

Працяг артыкулу чытайце   >   тут .


        http://img1.liveinternet.ru/images/attach/c/4/82/182/82182707_91f.gif
Таксама па тэме:

Літвіны-беларусы найстаражытны народ на Еўрапейскім кантыненце
Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага
История формирования беларускай народности - Балтский субстрат в формировании беларуской народности
"Крывавы патоп" у якім агрэсарам супраць дзяржавы Вялікага Княства Літоўска была Расея
Миф о триедином русском народе, состоявшем из великороссов, малороссов и белоруссов
Никакой «древнерусской народности» как общего корня русских, беларусов и украинцев не существовало
Беларусы – древнейшие жители Европейского континента
Беларусы – славяна-балты
Беларусь: погружение в бездну

©Czesław List

Назад   →   Беларусь
 
Tags: Беларусь, История Беларуси
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 5 comments